РЫ́МСКІ КАЛІЗЕ́Й, Каласей (ад лац. colosseus аграмадны, каласальны),

амфітэатр Флавіяў, помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены ў 75—80 н.э. ў часы імператараў Веспасіяна і Ціта. Грандыёзнае збудаванне ў форме чашы ўяўляе сабой у плане авал (даўж. каля 190 м, шыр. 156 м) з арэнай у цэнтры, вакол якой прыступкамі ўзвышаюцца месцы для гледачоў. Пабудаваны з туфу, трыбуны былі пакрыты мармурам; статуі і стукавае аздабленне не захаваліся. Глядзельная зала мела 4-ярусную канструкцыю: першыя 3 ярусы ордэрных арак з іанічнымі, дарычнымі і карынфскімі калонамі; у 4-м ярусе, дэкарыраваным карынфскімі пілястрамі, былі арачныя аконныя праёмы. Уваход у залу праз аркі. Р.к. меў складаную падземную канструкцыю, дзе знаходзіліся мех. прыстасаванні для правядзення гульняў, калідоры для гладыятараў і інш. У выпадку дажджу ці санцапёку збудаванне накрывалі спец. тэнтам. Прызначаўся для тэатралізаваных паказаў і разнастайных відовішчаў: баі гладыятараў і караблёў (для іх арэну залівалі вадой), цкаванне драпежных звяроў і інш. Моцна пашкоджаны. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​Л.​Чэбан.

Рымскі калізей.

т. 13, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)